Категории новостей
Далучыцца да высокага мастацтва. Бабруйск рыхтуецца прыняць X Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі
Тэатральнае мастацтва Бабруйска не стаіць на месцы: творчая каманда прафесіяналаў увесь час шукае новыя спосабы, каб здзівіць і захапіць гледача. З 19 па 25 лістапада наш горад будзе прымаць адну з найважнейшых культурных падзей краіны: юбілейны X Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя У. І. Дуніна-Марцінкевіча. Спектаклі паводле твораў класікаў і сучасных аўтараў на сцэне пакажуць 10 калектываў з Мінска, Брэста, Гродна, Гомеля, Мазыра, Віцебска і Бабруйска.
Форум прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка і драматурга Кандрата Крапівы. Яго творчасць стане адной з цэнтральных тэм фестывальнай праграмы. Упершыню ў рамках фестывалю пройдуць дзве творчыя лабараторыі - рэжысёрская і драматургічная, дзе маладыя аўтары змогуць абмяняцца вопытам, прадставіць свае ідэі і атрымаць ацэнку ад прызнаных майстроў сцэны.
Прыходзьце ў тэатр і запрасіце падзяліць радасць ад далучэння да высокага мастацтва сваіх блізкіх! Гэта добрая магчымасць параўнаць розныя рэжысёрскія рашэнні, мастацкае афармленне і акцёрскія працы. Разнапланавая праграма спадабаецца гледачу любога ўзросту: у ёй ёсць беларуская класіка, сучасныя творы, камедыйныя і драматычныя пастаноўкі. Ніхто не застанецца абыякавым ад шчырай гульні акцёраў і глыбіні сюжэтаў, а фестывальныя дні стануць пачаткам вялікага кахання да тэатральнага мастацтва.
Дзіна Мількевіч
Фота Аляксандра Анташкевіча
По материалам bobrlife.by